Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Змагарныя дарогi (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Биографии и мемуары / Акула К. / Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - Чтение (стр. 29)
Автор: Акула К.
Жанр: Биографии и мемуары

 

 


      Нельга сказаць, каб сустрэча Крывiцкага з Кушалем была радасная цi поцiск рук пры вiтаньнi быў надта моцным. Прэзыдэнт БЦР зь вялiкай цiкавасьцю слухаў пра лёсы беларускiх жаўнераў у апошнiя днi вайны й пра тое, як масы людзей выратавалiся, перайшоўшы да амэрыканцаў. Кушаль ня мог расказаць, дый сам ня меў вестак пра тое, як шматлiкiя выратаваныя iм вайскоўцы пасьля, дзякуючы помачы амэрыканцаў, трапiлi ў бальшавiцкiя рукi.
      Перад выездам прэзыдэнт Беларускае Цэнтральнае Рады пакiнуў гаспадару два дыплёмы, зьмест якiх падаецца.
      Першы:
      "Прэзыдэнт
      Беларускай Цантральнай Рады
      No 85/Прс Гэкстар, 2 лiпеня 1945 г.
      ДЭКРЭТ
      За мужны прарыў нямецкага фронту на лiнii Айзенштайн - Цьвiзэль дня 30-га красавiка 1945-га году 1-м беларускiм нацыянальным палком пад камандаю падпалкоўнiка Ф.Кушаля, гэтым надаецца Францу Кушалю ранга ПАЛКОЎНIКА БЕЛАРУСКАГА ВОЙСКА.
      Р.Астроўскi
      Прэзыдэнт"
      Другi:
      "Прэзыдэнт
      Беларускай Цантральнай Рады
      No 86/Прс Гэкстар, 2-га лiпеня, 1945 г.
      Камандуючаму БКА
      Сп. Падпалкоўнiку Кушалю
      ў Амбэргу
      Гэтым сьпяшаюся выказаць Вам, Сп. Палкоўнiк, сваю глыбокую падзяку за ўсе тыя мерапрыемствы, праведзеныя Вамi ў часе памiж 10-30 красавiка г. году, якiя ўратавалi нашу дывiзiю "Беларусь" перад зьнiшчэньнем яе немцамi.
      Адначасна за мужны прарыў Вамi нямецкага фронту дня 30 красавiка г.г. на лiнii Айзенштайн - Цьвiзэль надаю Вам рангу ПАЛКОЎНIКА БЕЛАРУСКАГА ВОЙСКА.
      З глыбокай пашанай
      Р.Астроўскi
      Прэзыдэнт"
      ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
      БАЛЁНIЯ - ЛЁНДАН
      ЗАРОДКI
      I
      Калi Вiктара Сянькевiча прыдзялiлi ў другую роту сёмага батальёну трэцяе дывiзii й адразу выклiкалi ў канцылярыю на рэгiстрацыю, юнак ня зьдзiвiўся. Ведаў, што пад гэтай "рэгiстрацыяй" трэба разумець допыт вайсковае дэфэнзывы ("двойкi"). Наогул Сянькевiч пасьля сваiх прыгодаў у Францыi, калi тры разы ўдалося ашукаць сьмерць, няшмат з чаго дзiвiўся. Жыцьцё сваё заўдзячваў перадусiм боскай дапамозе, а пасьля - спрытнасьцi ног i прыпадковасьцi. Тым, што ўдалося яму колькi разоў выратавацца ад расстрэлу, нiдзе надта не хвалiўся. Быў натуры сьцiплай i стрыманай. Адылi ў сэрцы заўсёды дзякаваў Богу за ратунак i мяркаваў, што не для зьбiваньня бiбiкаў на гэтым сьвеце тры разы амаль цудам захаваў сваё жыцьцё.
      Можна было-б варажыць надвое: цi ў галаве ў Сянькевiча так рана пасьля прыбыцьця ў польскую армiю ў Iталii паўстала-б думка аб пякучай неабходнасьцi арганiзаваньня сваiх суродзiчаў, калi-б ня самi палякi, дакладней гаворачы, iхныя адносiны да беларусаў. Зусiм не падазраючы гэтага, якраз палякi прысьпешылi працэс афармленьня гэткiх думак ня толькi ў Сянькевiча, але i ў шмат каго яшчэ.
      Перш за ўсё Сянькевiч прыгадваў бойку ў абозе каля Нэапалю, зараз пасьля прыезду з Францыi. Беларусаў было там больш за семдзесят. Зь iмi зьблiзiлася й трымалася разам жменька ўкраiнцаў. Беларусы былi больш-менш параськiданыя па цэлым абозе, але ў палатках жылi разам. Зразумела, карысталiся мiж сабою беларускай мовай i перад палякамi ня скрывалiся. Апошнiм надакучыла слухаць "хамскую" мову, й аднойчы вечарам група iх, добра падвыпiўшы, рушыла на палатку, дзе памяшчаўся Кастусь Дзежка зь iншымi былымi менскiмi кадэтамi, каб "даць кацапам". Бойка пачалася чаравiкамi, кулакамi, вайсковымi кацялкамi ды наогул усiм, што было пад рукамi. Трывала амаль паўгадзiны. Была выклiкана вайсковая палiцыя, i пару дзесяткаў людзей, бальшыня зь iх беларусаў, была пратрыманая ноч у вайсковым арышце. У вынiку колькi беларусаў кiнулася з аднаго агню ў другi: запiсалiся на выезд i былi адасланыя ў СССР. Бальшынi-ж, што засталася, адкрылiся вочы. Ведалi, чаго чакаць ад палякаў у будучынi.
      Прыгадваў Сянькевiч i першыя допыты "двойкi" ў Ёляньдзе. Ужо даўно пагадзiўся з тым, што быў у палякаў на "чорным" лiсьце. Лiчыў гэта за гонар. Дый цi толькi ён быў на тым лiсьце. Амаль усiх iншых сяброў па колькi разоў цягалi й тлумачылi iм, што яны ня беларусы. Колькi-ж гэта каштавала нэрваў i вытрываласьцi, каб часам ня страцiць кантролю, не ўзлавацца ды ня кiнуць iм у твар лiшняга, чаго пасьля шкадаваць давялося-б. Пасьля-ж iзноў прыходзiла на памяць тая школа падхаронжых у Матэры, куды былi выслалi, патрымалi зь нядзелю ды назад у адзьдзелы парассылалi, ня прызнаўшы атрыманай беларусамi за часамi нямецкае акупацыi асьветы. Дык i цяпер, калi быў прыдзелены ў трэцюю дывiзiю й атрымаў новы выклiк на "рэгiстрацыю", Вiктар ня зьдзiвiўся.
      II
      У канцылярыi лейтананта Пшэрэмбскага, загадчыка батальённай "двойкi", пасярод прасторнага стала, заваленага ўсякiмi паперамi, ляжаў раскрыты пэрсанальны вайсковы сшытак Вiктара Сянькевiча. Шэрая вокладка яго была шмат больш зношаная, чымся ў iншых жаўнераў - ад частага карыстаньня. На гэтую, не апошняй вартасьцi дэталь Пшэрэмбскi насамперш зьвярнуў увагу. Вiдаць, што клiентам шмат цiкавiлiся й iншыя зь пэрсаналу "двойкi". Аб гэтым сьведчыла колькi лiсткоў густа запiсаных сьледчых дадаткаў. Лейтанант Пшэрэмбскi, уважна прачытаўшы iх, не знайшоў там нiчога асаблiвага, акрамя рутынных пытаньняў i адказаў ды шаблонных справаздачаў.
      Пшэрэмбскi, што паходзiў зь сям'i польскага асаднiка ў Беларусi ды перад вайною яшчэ на службе дэфэнзывы шмат займаўся зь беларускiм элемэнтам, меў у гэтай справе набiтую руку. Ведаў народ i мову, кансьпiрацыйныя шляхi й дарожкi, мэтады працы й нацыянальную псiхiку. Розьнiца мiж Сянькевiчам i ягонымi суродзiчамi перад вайной, зь якiмi даводзiлася Пшэрэмбскаму мець справы, была ў тым, што раней лейтанант мог да падазроных прымяняць агульна-ўжываную, зьверху накiнутую формулу: абвiнавацiць iх у камунiзьме, у тым, што дзеяць на шкоду польскае Рэчы Паспалiтае, загадаць некаму з агентаў, каб падкiнулi намечаным асобам камунiстычную лiтаратуру, iншым агентам - каб ператрэсьлi й знайшлi яе, дый годзе. Справа была шыта-крыта, як кажуць.
      Тут-жа, у армii, ды на чужыне, было зусiм iншае. Старыя мэтады й формулы мелi вартасьць леташняга сьнегу. Быў вайсковы карны кодэкс, былi палявыя суды. Для абвiнавачаньня чалавека трэба былi нейкiя яўныя довады. Iх не ставала. Камунiзм тут ня мог быць тым конiкам, што быў дома перад вайной. Бо калi-б прышпiлiлi камунiзм аднаму, дык трэба-ж было-б пасьля шукаць каранёў, галiнаў дый навокал розных парасткаў. Гэта-ж быў-бы поўны абсурд. Ды i, урэшце, што можна было закiнуць Вiктару Сянькевiчу? Нiчога канкрэтнага адносна нейкай канспiрацыйнай дзейнасьцi ня было. Хлапец быў "на воку", дый толькi. Так, прынамсi, вынiкала зь iншых сьледчых запiсак. Пшэрэмбскаму кiнулася ў вочы зусiм нешта iншае, што, як мог дадумацца, трывожыла й ягоных сяброў з "двойкi", якiя раней апытвалi юнака: прозьвiшча, веравызнаньне й нацыянальнасьць. Якiм чынам Сянькевiч дый каталiк мог быць беларусам? Гэтага лейтанант нiяк ня мог памясьцiць у галаве.
      Пшэрэмбскi любiў лiтаратуру, асаблiва гiстарычную. Генрык Сянькевiч зь ягонай трылогiяй займаў некалi цэнтральнае месца ў ягоным дзяцiнстве. Прыпамiналася старая "бабця" на фальварку, што доўгiмi асеньнiмi й зiмовымi вечарамi чытала яму з тоўстых падношаных кнiжак школьнае бiблiятэкi. Уставаў перад вачыма бравурны й голасны буян Заглоба, пранырлiвы й адважны гэрой Кмiцiц ды цэлая галерэя iншых. Любiў некалi Пшэрэмбскi аж да забыцьця ўпiвацца духовымi сокамi польскае мiнуўшчыны, так, здавалася, проста й па-майстэрску адлюстраванай вялiкiм пiсьменьнiкам. Ня дзiва, што ў сэрцы ягоным для Сянькевiча захаваны быў цёпленькi куточак. I вось тут - на табе, проста цi не зьнявага да гэнiяльнага майстры: тое самае прозьвiшча, у дадатак i каталiк, дык пры чым-жа тут беларуская нацыянальнасьць? Не. Тут недзе й некiм была зроблена памылка. Калi так, дык ужо хто як хто, але ён, Пшэрэмбскi, напэўна, нейкi недагляд зможа выправiць.
      III
      У канцылярыю ўвайшоў малы ростам круглатвары бляндын.
      - Вiктар Сянькевiч да пана лейтананта! - адрэкамэндаваўся, ёмка стукнуўшы падковамi чаравiкаў.
      Юнак, як выглядала, быў зраўнаважаны й апанаваны. У ягоным спакойным, уталопленым у твар Пшэрэмбскага позiрку ня было анi ценю неспадзеўнае баязьлiвасьцi, што характэрная шматлiкiм людзям, якiм даводзiцца лоб у лоб сустракацца з гэтак званымi рукамi кары й справядлiвасьцi.
      - Прашу, сядайце, - кiўнуў лейтанант на крэсла, спачатку добра вонкава прыгледзеўшыся да "загадкi". Ня зводзячы з хлопца вачэй i лянiвым рухам касматае рукi выстукаўшы попел з даўно патухлае люлькi, ён адвалiўся на сьпiнку крэсла.
      - Ваша прозьвiшча Сянькевiч?
      - Так, пане лейтанант.
      - Па веравызнаньнi каталiк?
      - Так.
      - Дык чаму-ж вас тут запiсалi беларусам?
      - Таму, што я такiм ёсьць, пане лейтанант.
      - Вы мне хочаце сказаць, што вы каталiк i беларус?
      - Я так сказаў, пане...
      - Слухайце, давайце-ж паважна. Я ня маю часу на жарты. Вы самi ведаеце, што гэта абсурд: ня было-ж каталiкоў беларусаў у Польшчы.
      - Былi, пане лейтанант.
      - Як то?
      - Навет па афiцыяльных дадзеных польскага цэнзусу з 1931 году было шэсьцьдзесят тысяч беларусаў каталiкоў.
      - Я ня ведаю, дзе й хто вам гэта сказаў. Гэта няпраўда.
      - Наадварот, праўда.
      - Слухайце, "стшэльцу", я з вамi ня буду спрачацца. Вы лепш паслухайце маёй рады. Я бачу, што вы маеце асьвету, зьяўляецеся чалавекам зь iнтэлiгенцыi i дзеля таго, напэўна, зразумееце мяне. Да таго-ж i прозьвiшча ваша Сянькевiч. Знаеце, хто для палякаў быў Сянькевiч?
      - Чаму-ж не...
      - Коратка гаворачы, вы, будучы каталiком i маючы такое прозьвiшча, ня можаце ня быць палякам. Што вам дае вашая беларускасьць? Вы гэтым загараджваеце сабе ўсюды дарогу, дый толькi. А калi вы паляк, дык вам дарога ўсюды будзе адкрытая: i да авансаў, i да навукi, i да лепшай будучынi. Прымiце па-добраму маю раду й запiшыцеся палякам.
      - Не магу, - цьвёрда адказаў юнак.
      - Дык хто-ж можа?
      - Пане лейтанант, цi-ж вы не разумееце, што гэта справа нацыянальнага гонару?
      - Вы, як Сянькевiч, мусiце быць палякам!
      - Як гэта мушу?
      - Я думаў, што недзе была памылка. Можа, гэта вашае ваеннае ўзгадаваньне, можа, вам "бздураў" у галаву ў акупацыйных школах напхалi. Гэта-ж ня можа быць. Гэта проста несумяшчальна: Сянькевiч, каталiк i беларус! - з грымасай заключыў Пшэрэмбскi.
      Беларускi юнак зь цiкавасьцю студыяваў заклапочанага лейтананта.
      - Пане лейтанант, я цяпер узрослы чалавек. Ведаю, што гавару. Успрымайце, як хочаце. Адно нiколi ня пiшыце мяне палякам, бо я iм ня ёсьць.
      - Добра. Вы хочаце быць упартым. Рабiце, як уважаеце. Я вам скажу адно: мы можам пастарацца, каб вас адаслалi ў савецкую Расею. Як гэта вам будзе падабацца?
      - Калi вы пачуваецеся сябрамi бальшавiкоў, дык адсылайце.
      Гэткага адказу Пшэрэмбскi нiяк не спадзяваўся. Яму аж голас заняло. На момант разгубiўся й ня ведаў, што на тое сказаць. Спачатку ледзь ня кiнуўся ў гiстэрычную злосьць, але ўмiг апанаваўся. Дзесьцi ў падсьведамасьцi голас падказваў, што юнак гаворыць праўду й добра адстойвае сваё. Навет узьнiкла iскра пашаны да яго.
      Пшэрэмбскi спрабаваў зайсьцi з iншага боку, угаворваць лагодненька, спачатку адводзiць на бочнае, каб пасьля з супрацьлеглага боку падыйсьцi да галоўнага. Пытаўся пра матку й бацьку, пра мову, якой дома Сянькевiч карыстаўся, пра касьцёл, якi наведваў, на якой мове ў малiтвах з Богам размаўляў. Калi выявiлася, што ў польскай, папробаваў на гэтым факце мост доказаў будаваць, але калi зноў падышоў да галоўнага, упарты беларус адным сказам адрэзаў, што польская мова ў каталiцкiх касьцёлах на гэтак званых "Крэсах" яшчэ ня была доказам таго, што ўсе каталiкi былi палякамi. Наадварот, беларускiя вернiкi чулiся пакрыўджанымi, што ня мелi свае душпастырскае апекi. Для падмацаваньня Сянькевiч прыгадаў каталiкоў iтальянцаў, французаў i гiшпанцаў i, як здалося Пшэрэмбскаму, з пэўнай дозай кпiнаў запытаўся, чаму-ж iх усiх не запiсаць палякамi.
      Давялося Сянькевiча яшчэ раз запiсаць беларусам. Пасьля прайшло некалькi малаважных рутынных пытаньняў, i юнака давялося адпусьцiць. Лейтанант Пшэрэмбскi павольнымi крокамi пачаў мераць пакой, спынiўся каля стала, аднатаваўна апытальным лiсьце, што трэба Сянькевiча трымаць "на воку", пару разоў голасна сказаў "пся крэў", адзiн раз навет плюнуў у сьметнiцу ды зрабiў пэўныя перастаноўкi ў сваiх дагэтулiшнiх паглядах адносна беларусаў.
      IV
      У студзенi 1945 году Вiктар Сянькевiч быў прыняты ў гiмназiю трэцяй дывiзii (ДСК), што знаходзiлася ў ваколiцах Форлi. Там, на сваю радасьць, сустрэў вялiкую групу былых менскiх кадэтаў. З супольных гутарак выявiлася, што й iншыя з ахвотаю падзялялi Вiктараву думку аб патрэбе ўтварэньня нейкае беларускае арганiзацыi. Вайсковы рэгулямiн* забараняў тварэньне ў войску якiх-небудзь гурткоў. Адно, што можна было рабiць - шукаць сяброў з колiшняе афiцэрскае школы ў Менску, трымаць зь iмi сталы кантакт ды вышукоўваць у чужой армii наогул усiх беларусаў. Гэтае павучыньне сувязi ў будучынi, калi-б умовы зьмянiлiся, паслужыла-б адразу базай да ўтварэньня арганiзацыi. Гэтым група студэнтаў-беларусаў зь гiмназii й пачала займацца.
      * Статут.
      Сянькевiч вельмi шмат часу прысьвячаў перапiсцы зь сябрамi. Па-за школьнай навукай карэспандэнцыя паглынала ўвесь ягоны час. Лiсты, якiя пiсаў, былi наогул сяброўскiмi й простымi зместам. Юнак ведаў, што польская дэфэнзыва трымае яго на воку. Намагаўся быць асьцярожным. Пасьля колькiх месяцаў лiставаньня колькасьць сяброў-карэспандэнтаў перавысiла 250 чалавек. Калi ўлiчваць, што зь iх кожны меў кантакт, прынамсi, з двума цi трыма беларусамi, дык лiк асобаў, зь якiмi Вiктар трымаў сувязь, перасягнуў 700.
      Людзi з "двойкi" хутка зацiкавiлiся масавай карэспандэнцыяй Вiктара Сянькевiча. Спачатку адно назiралi. Адылi хутка ў пакой да Вiктара прыслалi новага жыхара. Быў гэта высокi, худы, зь сiнiмi вачыма бляндын. Назваў сябе Чманевiчам. Адно ў меру цiкавiўся Вiктаравай беларускасьцю i наогул стараўся быць карэктным ды, як кажуць, ня ступаць чалавеку на пальцы.
      Аднойчы Вiктар спасьцярог, што недзе зьнiкла колькi ягоных лiстоў. Свайму новаму "сябру" нiчога не сказаў, але здагадаўся, што той iх "пазычыў", каб перадаць тым, што яго прыслалi. На другi дзень пiсьмы раптам вярнулiся на старое месца. Вiктара пакуль што нiхто нiкуды ня клiкаў. У пiсьмах нiчога ня было асаблiвага, апрача хiба таго, што былi пiсаныя па-беларуску. Сянькевiч мяркаваў, што "двойцы" чапiцца да яго за карэспандэнцыю ў беларускай мове было-б нязручна. Паклiкаў сяброў i расказаў iм аб выпадку зь пiсьмамi. Пастанавiлi быць больш асьцярожнымi, а карэспадэнцыю зьнiшчаць. Вiктар падаў сваiм карэспандэнтам цывiльны iтальянскi адрас.
      Лейтанант Пшэрэмбскi зноў выклiкаў Вiктара. Цiкавiўся, чаму юнак атрымоўвае такую масу пiсьмаў. Беларус адказаў, што мае вялiкую колькасьць сяброў. Пшэрэмбскi зусiм недвузначна намякнуў, што было-б шмат лепш, калi-б колькасьць сяброў-карэспандэнтаў паменшылася.
      У гiмназii пятае дывiзii (КДП) была iншая група беларусаў. Арганiзатарам яе быў прафэсар Гук, што выкладаў у школе гiсторыю, той самы, якi некалi экзаменаваў у Сан-Базыльё Вiктара Караткевiча зь беларускай лiтаратуры. У групе было колькi былых менскiх кадэтаў. Прафэсар Гук трымаў кантакт з групай старэйшых беларусаў, якiя, як i ён сам, прайшлi праз савецкiя канцлягеры.
      Вясною 1945 года добразычлiвы ўкраiнскi сьвятар Пятрунчык дапамог прафэсару Гуку скантактавацца з групай Сянькевiча ў гiмназii 3-й дывiзii. Новая i самая асноўная нiтка кантакту мiж дзьвюма групамi была, зусiм зразумела, немалой удачай у iмкненьнi да беларускага арганiзацыйнага жыцьця й сталася прычынаю вялiкай радасьцi ў двух беларускiх асяродках. Падрыхтоўчая праца для агульнага арганiзаваньня беларусаў у польскай армii шпарчэй пайшла наперад.
      Нягледзячы на перашкоды з боку вайсковых польскiх уладаў, сетка сувязi мiж беларусамi пачала пашырацца па ўсiм Другiм корпусе. Выдатна памагалi гэтаму й два беларускiя вунiяцкiя сьвятары з Рыма - а. Сiповiч i а. Гарошка. Зь лiку турыстаў-жаўнераў у Рыме яны вышукоўвалi i вылоўлiвалi беларусаў. У сьвятароў прыежджыя беларусы сустракалiся, даведвалiся аб iншых i дзялiлiся сваймi навiнамi. Памешканьне сьвятароў служыла базай, на якую зьляталiся ўсе да гэтага часу рассыпаныя сыны Беларускай зямлi. Празь яе замацоўвалi нiцi лучнасьцi. Сюды не сягала вока польскае "двойкi", тут можна было ўволю й ад сэрца пагаварыць пра балючыя для ўсiх праблемы.
      Акцыя зьбiраньня пайшла наперад яшчэ хутчэй, калi ў Парыжы пачала выходзiць газэта "Беларускiя Навiны". Гэта быў першы праменьчык надыходзячага прадвесьня. Для змораных духова беларусаў, што насiлi мундзiры хаўрусьнiцкiх жаўнераў, яна была ня толькi газэтай, але апорай i сымбалем. Быў навязаны ў Парыжы кантакт зь сябрамi Рады Беларускае Народнае Рэспублiкi, перадусiм-жа з самiм старшынёй Рады БНР - iнжынерам Мiколам Абрамчыкам. Гэткiм чынам выгнанцы з паняволенай Бацькаўшчыны палажылi на чужыне зруб пад першую пасьляваенную нацыянальную грамадзкую арганiзацыю.
      4 сакавiка 1946 года ў горадзе Модэна, на поўнач ад Балоньi, 5-я дывiзiя арганiзавала кiрмаш "Казюка". Беларусы ўмела выкарысталi нагоду, правёўшы там канфэрэнцыю беларускiх асяродзьдзяў трэцяй i пятай дывiзiй. Устаноўлена была тактыка дзеяньня й падзелены ролi. Кiраўнiцтва абодвума асяродкамi ў армii было даручана прафэсару Гуку. Ад гэтага часу асаблiвая ўвага зьвернутая была на праваслаўныя багаслужбы па адзьдзелах армii, дзе найлягчэй было выявiць беларусаў. Хапала адно прыслухацца да гутаркi цi польскага акцэнту, каб пад вайсковай вопраткай адшукаць беларускае сэрца. Выяўленьне беларусаў шпарка йшло наперад.
      Транспарт "Беларускiх Навiнаў" з Парыжа дастаўляўся ў Рым, адтуль беларусы-вайскоўцы развозiлi iх па адзьдзелах. Намагалiся абмiнаць "двойку" й вайсковую пошту. Карысталiся цывiльнымi адрасамi прыязных iтальянцаў. Якая-ж велiзарная была радасьць атрымаць сьвежую беларускую газэту, асаблiва для тых, хто, прайшоўшы празь Сiбiр i бальшавiцкае пекла, ня мелi нагоды чытаць па-беларуску ад 1939-га году.
      Мацавалася, расло й буйнела, такiм чынам, на чужыне першае арганiзаванае беларускае цела. Адно не ставала яму афармленьня, якое прыйшло крыху пазьней зь пераездам у Вялiкую Брытанiю.
      ПАДАРОЖЖА СЫМОНА СПАРЫША
      I
      Зьвяз "кар'ераў" чацьвёртае роты семнаццатага батальёну разьмясьцiўся ў багатага фармара. Часьць войска начавала ў вялiкiм i пустым, прыбудаваным да хаты, трысьцене. Iншая памяшчалася ў палатках. Дзякуючы празорлiвасьцi колькiх жаўнераў, што яшчэ пад час акцый на фронце панацягалi таго-сяго з розных хатаў ды вазiлi ў "кар'ерах", пасьцеляў i iншага гаспадарскага дабытку было ўволю. У гэтым жаўнеры зьвязу былi больш шчасьлiвыя, чымся тыя, што ня мелi свайго транспарту. Усё, што не спатрэбiлася самiм, прадавалi.
      Лячылi ваенныя раны. "Лячэньне ранаў" ужываем тут у пераносным значэньнi. Як прыгадвалася раней, у зьвязе на фронце было адно чацьвёра забiтых. Ня было цяжка параненых, якiя патрабавалi-б мэдыцынскай i шпiтальнай апекi. Лячэньнем ранаў быў адпачынак. Трэба было перадыхнуць ад вялiкай буры, якую кожнаму давялося перажыць, падзялiцца ўражаньнямi, падмацавацца фiзiчна. Найбольш часу й трацiлася на тое мацаваньне. Хiба што й слова "мацаваньне" ня зусiм трапнае, бо хiба-ж людзi мацуюцца алькаголем? А яго-ж якраз найбольш i спажывалася цяпер, дый ня простага "б'янка" цi звычайнага фармарскага "россо", а розных лiкёраў, што куплялiся ў Балёнii. У горад езьдзiлi часта, амаль штодня, бо за транспартам ня было затрымкi. Адны ехалi пагуляць, iншыя тое-сёе прадаць на чорным рынку ды купiць напiткаў.
      I грошай было ўволю. Пасьля франтавой акцыi прыйшоў загад, каб усе падавалi свае матэрыяльныя страты з часу баёў. Пад "матэрыяльнымi стратамi" разумелася насамперш вопратка й абутак ды ўсякi вайсковы рыштунак. Гэтак кожны стараўся падаць як найбольшую лiсту стратаў, якiх у сапраўднасьцi зусiм ня было. Наадварот, дзе як дзе, а ў зьвязе "кар'ераў" быў прыбытак. Багаж ваенных здабычаў, перавожаных зь месца на месца з прычыны немагчымасьцi адразу iх збыць, уключаў такiя рэчы, як дарагiя хатнiя дываны, сталовае серабро, розную бiжутэрыю. Цяпер-жа адкрывалася магчымасьць прыдбаньня зусiм новых i поўных камплектаў вайсковае вопраткi й абутку. Кожны падаваў максiмальны лiк "страчаных" на фронце рэчаў. Камандзеры ня толькi глядзелi на гэта праз пальцы, але й самi тое-ж рабiлi. Выдаткi-ж пакрывалiся зь кiшэняў ангельскiх, а ня польскiх падаткоўцаў. Дык i чаму-ж не скарыстаць?
      - Хiба-ж не за iх ваявалi? Яны-ж i так нас у Ялце Сталiну прадалi, здраднiкi! - Гэтак апраўдвалiся тыя, што наогул лiчылi патрэбным знаходзiць нейкае апраўданьне. Большасьць-жа бяз лiшнiх цырымонiяў i разважаньняў проста карыстала з нагоды. Гэткiм чынам таўсьцелi кiшэнi iтальянскiх спэкулянтаў у Балёнii й iншых гарадох, дзесяткi тысячаў жыхароў Апэнiнскага паўабтоку насiла "батледрэсы" й цяжкi вайсковы абутак, а жаўнеры мелi грошы на алькаголь i жанчын. Да таго-ж i надта прыгожая (сказаў бы нехта - боская) пагода спрыяла таму "мацаваньню". Як-жа было ня жыць!
      Старэйшыя ваякi, што прайшлi праз ваенны агонь ад падноска ўверх па халявiне iтальянскага боту, звычайна, пахмялiўшыся, прыгадвалi самыя розныя ваенныя прыгоды.
      - Помнiш, як нам горача давялося пад Порто Рэканацi? - пачынаў адзiн, сербануўшы добры глыток алькаголю.
      - А пад Осiмо... - не заставаўся ззаду, каб выказацца гэроем, другi.
      - Нiдзе такога вы ня бачылi, як мне ўляпiлi пад Прэдапiё, калi я з "кар'ерам" папаў у самую гушчу швабскiх пазыцыяў...
      - А цi-ж вы забылiся пра Губiё?
      Гэткiм ладам пачыналася няскончаная тэма. Малявалiся самыя пiкантныя дробязi баёў, якiя маглi быць, i гэройства, якога ня было; нiколi нiхто ня прыгадваў аб страху, якi апаноўвае амаль кожнага жаўнера пад час вялiкiх выпрабаваньняў. Прыпiсвалiся сабе бязьмежная адвага, хiтрасьць i вынаходлiвасьць. Расла слава ў меру пусьценьня алькагольных пляшак i множылiся тузiнамi гэроi.
      Звычайна пасьля рэляцыяў аб ваенным гэройстве пераходзiлi да адвечна старой i вечна новай тэмы аб жанчынах. Тут ужо больш выхвалялi ня гэройства, а вытрываласьць. Выхвалялiся й параўноўвалi тыпы й прыгаство розных сустраканых ня толькi ў Iталii, але i ў Афрыцы й Азii жанчын. Ня ведаючы, хто гаворыць, слухач збоку мог-бы ўявiць памылкова, што чуе гутарку нейкiх арабскiх шэйхаў цi пашоў - валадароў вялiкiх гарэмаў. Аб якiх-жа тонкасьцях артыстызму каханьня толькi не распавядалася!
      Характэрнае палякам перабольшваньне й перабiраньне ва ўсiм меркi тут мела самыя цьвёрдыя правы грамадзянства. Тое, што магло-б быць недаравальным у iншых, скажам, мiрных абставiнах, тут прымалася за нармальнае й штодзённае. Як-нiяк гэтыя-ж людзi, як прывыклi гаварыць у Беларусi, "не з аднае печы хлеб елi".
      Пасьля шматразовага паўтараньня тых самых гiсторыяў аб гэройстве ды аб здабычах на фронце амораў па нейкiм часе лгуны самi станавiлiся першымi ахвярамi собскае маны. Былi ўжо няздольнымi адрознiць праўду ад хлусьнi, фактаў ад фантазii.
      II
      Сымон Спарыш трымаўся ад "гэрояў" збоку. Ня тое каб ня мог зь iмi зжыцца. Проста ня лiчыў патрэбным. Мяркаваў, што ў роце быў часовым госьцем, што будучыня прынясе нейкiя магчымасьцi iншых выбараў - цi то прадаўжэньне цывiльнае навукi, цi проста вайсковага шкаленьня. Людзi былi для яго чужымi як нацыянальнасьцю, так i рознымi зацiкаўленьнямi.Тыя-ж, убачыўшы, што хлапец быў маўклiвы, звычайна павольны й задумлiвы, вырашылi, што навiчок быў проста нейкiм дзiваком, i глядзелi на яго як на непрыналежнага да цясьнейшай кампанii. Iншыя, што менш ведалi Сымона - бо не маглi-ж яго пазнаць за кароткi час сумеснага жыцьця, - думалi, што юнак быў слабаадукаваны дый наогул маларазьвiты. Прыблiзна такога пагляду трымаўся й камандзер зьвязу. Быў гэта малажавы афiцэр, наскрозь франтавiк. З жаўнерамi жыў па-сяброўску й адносiўся да iх больш як да калегаў, чымся як да падуладных. Магчыма, ад гэтых "гэрояў" i пераняў ён пагляд адносна Сымона.
      Быў прыгожы вечар пад канец красавiка. Сонца хiлiлася на захад. Шмат хто з жаўнераў, як звычайна, асушваў пляшкi. Iншыя сядзелi пры фронце хаты ды назiралi, як фiгурная гаспадарова дачка мыла пры калодзезi бялiзну, гадаючы, чаму ў яе кароткая спаднiца й цi лёгкiя подзьмухi ветру падымуць яе наступным разам на пядзю цi дзьве вышэй каленяў. Камандзер зьвязу вярнуўся з паездкi да камандзера роты на суседняй фэрме i, зайшоўшы ў трысьцен, доўга гаварыў зь людзьмi. Чулiся сьмех i жарты. Нейкi чароўны дзявочы галасок з грамафоннай кружэлкi, нядаўна прыдбанай Кашыбандам, захлiпаўся мелёдыяй раманса "Бона ноттэ".
      Камандзер зьвязу паклiкаў у трысьцен Сымона.
      - Прыйшоў загад вам ехаць у Ангельшчыну ў школу падхаронжых панцырнай зброi, - пачаў бязь нiякiх прадмоў афiцэр.
      Сымон вытарашчыў вочы, глядзеў то на афiцэра, то на iншых падхмеленых сяброў i забыўся пра язык. У галаве мiльганула думка, цi не наважыўся лейтанант на якi няпрыемны жарт.
      - Пане лейтанант, вы не жартуеце? - спытаў нарэшце. - Я-ж не прасiўся й не складаў заявы ў нiякую школу.
      - Маеце сярэднюю асьвету?
      - Маю.
      - Вось пiсьмовы загад, што прыйшоў з батальёну ў роту, - пры гэткiх словах афiцэр падаў Сымону паперку, - захапiў яго, каб паказаць вам, бо думаў, што можаце не паверыць.
      Юнак хуткiм зрокам прабег зьмест паперкi. Памылкi ня было. Ён, Сымон Спарыш, разам зь нейкiм Кiршнэрам меў першага траўня быць гатовы да выезду ў Ангельшчыну, каб паступiць на школу падхаронжых панцырнай зброi. Загад быў падпiсаны камандзерам батальёну, згодна з загадам камандзера брыгады. Разьвеялiся ў юнака сумлевы. Прачытаўшы, паволi палажыў паперку на стале перад лейтанантам.
      - Ну, як? Што вы на гэта?
      - Што-ж магу сказаць, пане лейтанант... загад - загадам. Трэба будзе ехаць.
      - Заўтра рыхтуйцеся ў дарогу. Заглянiце да гаспадарчага падафiцэра. Ён скажа, што маеце з рэчаў здаць, а што затрымаць пры сабе. Пакiньце сваю зброю - яна вам больш непатрэбная.
      - Так ёсьць, пане лейтанант! - адсалютаваў Сымон i выйшаў за напоўадчыненыя засовачныя дзьверы трысьцену. Спынiўся й задумаўся над такiм нечаканым выпадкам, што мог зьмянiць усю ягоную вайсковую кар'еру.
      - I цi-ж ня дзiўна, што цяпер пачалi ўжо такiх у школу падхаронжых браць? - пачуўся з-за прачыненых дзьвярэй трысьцену голас зь вялiкiм нацiскам на "такiх".
      - Мусiць, бяруць ужо й такiх, што толькi друкаванае патрапяць чытаць, адказаў поўны iронii голас лейтананта. Iншыя засьмяялiся.
      Сымона. як быццам жыгалам хто джгнуў. Адкуль-жа лейтанант здабыў аб iм такую думку, калi не ад гэтых п'янiцаў? Ён жа навет i ў акцыi пры чужой роце з "п'ятам" быў. Ясна, што афiцэр ня мог ведаць анi ягоных здольнасьцяў, анi ведаў, анi як чалавека. Значыцца, тыя "гэроi-анткi", як у думках заўсёды называў iх юнак-беларус, увялi тое-сёе афiцэру ў вушы. Дык вось якiя яны былi! I цi не нацыянальнасьць тут прычынай?
      Хлапец далей ня прыслухоўваўся, а павольнымi крокамi пачаў шпацыраваць вокал хаты. Калi да гэтага часу быў няпэўным, цi добра зрабiў цi не, пачуўшы й так раптоўна згадзiўшыся на той загад, што быццам неспадзяваным перуном звалiўся зь неба, то цяпер гэта размова аб iм у трысьцене канчаткова пацьвердзiла, што даў сваю згоду недарэмна. Мог-жа й адмовiцца. За гэта-ж не пакаралi-б. То-ж ня быў загад у бой iсьцi, якi сьлепа трэба было выконваць. Зрэшты, й чаму-б не паехаць? Хто ведае, цi тая ваенная навука спатрэбiцца цi не, але-ж краiна (вось дзе цымус цэлае справы), краiна, куды яго накiроўваюць... Гэта-ж - Ангельшчына. Там-жа шмат чаго пазнаеш, навучышся акрамя ваеннага. Хаця-б сабе проста задаволiць цiкавасьць i зьведаць гэтую цiкавую краiну, пазнаць народ, аб якiм так шмат чуў, чытаў i якога здалёк залiчаў да больш вартасных, чымся палякаў. Вось у чым цэлая справа. Дык ясна, што варта ехаць. Бязумоўна.
      "Дык вось-жа скулу вам у бок, пшэкi вы, - адказваў Сымон у думках тым, у трысьцене. - Наўмысьля паеду. Вы зайздросьцiце й таму на мяне розныя недарэчнасьцi выдумляеце. Што-ж маю рабiць? Пiць ды па бабах лазiць з вамi, жулiкi?"
      Гэткi выснаў зрабiў Сымон Спарыш адносна свайго выезду ў ваенную школу ў Ангельшчыне.
      III
      Кiршнэр, якога Сымон сустрэў, прыехаўшы ў батальён, аказаўся вышэйшым ростам, хударлявым, гарбаносым, вельмi гаваркiм бляндынам. Паходзiў зь Львова, аб чым сьведчыла й раптоўнасьць ды прыцiсканьне некаторых складоў у гаворцы. Спачатку Сымон думаў, што быў ён жыдком, але гэта не адпавядала праўдзе.
      - Ага, то пан з чацьвёртае роты, пане кохасю, - аглядаючы Сымона, гаварыў львавяк, - дасканала, вельмi прыемна. А пан даўно складаў заяву ў школу?
      - Зусiм не складаў.
      - Як? Дык што-ж пан, пане кохасю, тут робiце?
      - Загадам накiравалi.
      - Як, як? Загадам? Што пан кажа, пане кохасю? Банальнае гэта ўсё, банальнае, кажу пану. Як то маглi пана загадам от так проста...
      Сымон нiчога ня бачыў у тым банальнага. Кiршнэр асаблiва любiў тое слоўца й часта, дзе трэба й ня трэба, iм карыстаўся.
      - А пан адкуль, пане кохасю?
      - Зь Вiленшчыны.
      - Знаў я, знаў, пане калега, многа палякаў зь Вiленшчыны. Яны так павольна й сьпеўна размаўляюць. Характэрнае гэта сьпеўнае вымаўляньне й расьцягваньне мовы для палякаў зь Вiленшчыны, пане кохасю...
      - Я не паляк...
      - Не?
      - Беларус.
      - Бялорусiн, пан повяда? Банальнае то, банальнае...
      - Што-ж у тым банальнага?
      - То значыць - я хацеў сказаць, што вельмi ладнае то ўсё, што пан бялорусiн. Спатыкаў я многа бялорусiнаў у польскiм войску. Ёсьць i ў нашай роце, меў знаёмых i ў iншых адзьдзелах. Там, на Вiленшчыне, мусiць, многа было бялорусiнаў?
      - Бальшыня.
      - Як то бальшыня? Не разумею, пане калега.
      - Больш, чымся палякаў.
      - Так? Цяжка верыць, пане кохасю. Польская статыстыка з 1931-га году запэўнiвала нас, што там больш як семдзесят пяць працэнтаў палякаў. Чаму-ж тады вы кажаце, што бальшыня бялорусiнаў, пане калега?
      - Польская статыстыка, апрача шматлiкiх праваслаўных, падала палякамi ўсiх нашых каталiкоў. Яна далёка разьмiнулася з праўдай.
      - Co pan powiada, panie kochasiu... Jak Boga kocham, nie wiedzialem tego, nie wiedzialem. Pikantny z pana typ, panie kolego. Тwierdzi pan, zе nа Wilenszczynie Вialorusinow wiekszosc i ze раnа rozkazem na podchorazowke wystael... Нm... Ваnalne to wszystko, banalne conajmniej, panie kolego...*

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39